«БЕЛАРУ́СКІЯ ВЕ́ДАМАСЦІ»,

штотыднёвая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 14.9.1921 да 15.1.1922 у Вільні на бел. мове. Выйшла 19 нумароў. Рэдактар-выдавец М.Гарэцкі. Адно з першых беларускамоўных выданняў пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора. Пісала пра паліт. і эканам. жыццё беларусаў у т.зв. Сярэдняй Літве, дамагалася адкрыцця школ на роднай мове, змяшчала матэрыялы аб школьным і культ. жыцці ў БССР, Латвіі, на Украіне. Друкавала творы Ф.Багушэвіча, А.Абуховіча, К.Каганца, Я.Купалы і інш., гіст. артыкулы У.Ігнатоўскага, М.Кахановіча, А.Смоліча і інш. Змясціла раздзелы з «Хрэстаматыі беларускае літаратуры. XI век — 1905 г.» М.Гарэцкага. З лепшых надрукаваных у газеце маст. твораў быў складзены дадатак да «Беларускіх ведамасцяў» «Беларускі дэкламатар». У 1921 выйшлі 3 зборнікі «Беларускіх ведамасцяў». Газета закрыта ўладамі.

С.В.Говін.

т. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)